ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЯСЫ́,

вырабы Гродзенскай шаўкаткацкай мануфактуры А.Тызенгаўза ў 1770-я — пач. 1780-х г. Запрошаныя сюды франц. майстры ўзялі за аснову арнаментальную структуру, памер і кампазіцыю слуцкіх паясоў, але арнамент сярэдняй ч. і матывы на канцах пояса распрацавалі паводле франц. узораў, якія пазней былі заменены на ўсходнія.

Росквіт персіярні (1774—78) звязаны з творчасцю ліёнскага майстра Ф.Селімана. Яго паясы вызначаліся гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкім малюнкам; вытанчанасцю каларыту. У 1783 выраб паясоў спыніўся. Калекцыя Гродзенскіх паясоў зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

Дз.С.Трызна.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)